Метадычныя рэкамендацыі па складанні і ацэньванні тэставых работ па вучэбным прадмеце «Беларуская мова»
Зборнік матэрыялаў для выпускнога экзамену за перыяд навучання і выхавання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі
Метадычныя рэкамендацыі па напісанні падрабязнага (навучальнага, кантрольнага) пераказу па вучэбным прадмеце «Беларуская мова»
Прыкладнае планаванне для падрыхтоўкі / .doc 53 Кб /
Матэрыялы да ЦТ / .doc 1512 Кб /
Вучэбна-трэніровачныя тэсты па беларускай мове. Комплекснае заданне № 31 / .rtf 152 Кб /
Вучэбна-трэніровачныя тэсты па беларускай мове. / . pdf 607 Кб /
10 САКРЭТАЎ ПАСПЯХОВАЙ ЗДАЧЫ
1. Задацца мэтай
У першую чаргу, трэба дакладна вырашыць, чаго вам больш хочацца: паступіць у ВНУ або прайсці яшчэ адзін узровень камп'ютарнай гульні. Каб атрымаць максімум балаў, трэба прыкласці і максімум намаганняў ды ўсвядоміць, што ніхто не зробіць гэтага за вас. У заданнях няма нічога звышнатуральнага і непад'ёмнага, але толькі не для гультаёў.
2. Скласці штодзённы план і прытрымлівацца яго
У эфектыўнай падрыхтоўцы і рацыянальнай арганізацыі часу мне вельмі дапамагло складанне плана свайго навучання. Некалькі заданняў у дзень па кожным з трох прадметаў — не такая ўжо і складаная праца. Асабліва ў параўнанні з бяссоннымі начамі і спробамі ахапіць усё і адразу за некалькі тыдняў да ЦТ. Ад гэтага нават задавальненне атрымліваеш, калі закрэсліваеш чарговую выкананую справу ў сваім спісе.
3. Вучыць услых
Чытаем і прамаўляем усё услых. Такім чынам працуе не толькі зрокавая, але і гукавая памяць, дзякуючы чаму ўсё лепш і хутчэй запамінаецца.
4. Больш практыкі
Не забываем пра важнасць практыкі. Штодня рашаем заданні з тэстаў мінулых гадоў. Якімі б глыбокімі ведамі вы ні валодалі, іх яшчэ трэба ўмець прымяняць, а таксама трэба мець уяўленні пра структуру тэста. Я таксама параіла б набыць зборнік і пачаць яго рашаць па варыянце ў дзень за 10 дзён да ЦТ. Так сапраўдны экзамен стане для вас проста чарговым тэстам.
5. Галоўнае — увага да дробязяў
Калі вы хочаце набраць 100 балаў, то заўважаем і вучым усе без выключэння дробязі. Таму што калі вы не звернеце ўвагу на нейкае пытанне, правіла ці слова, то за вас гэта зробяць складальнікі заданняў.
6. Выконваць работу над памылкамі
Яны — вашы слабыя месцы. Яны патрабуюць асаблівай увагі. Дапусцілі памылку ў тэксце — выпісалі, знайшлі на яе правіла, вывучылі яго і яшчэ некалькі разоў выканалі падобныя заданні.
7. Памятаць пра астатнія прадметы і школьныя іспыты
Не забывайцеся пра тое, што чвэрць вашых балаў пры паступленні забяспечвае атэстат. Пажадана падумаць пра гэта ў пачатку года і імкнуцца зарабляць добрыя балы з першай чвэрці, таму што ў апошняй вам ужо будзе не да гэтага.
8. Выкарыстоўваць кожную вольную хвілінку
Калі ў вас мала вольнага часу і вы баіцеся не паспець нешта выканаць, насіце заданні заўсёды з сабой: на ўрокі, рэпетыцыі, бярыце ў паездкі. Выдалася вольная хвілінка? Рашайце тэсты, а ўжо дома разбірайце памылкі. Такім чынам вы сэканоміце шмат часу і зможаце ўвечары даўжэй прагуляцца.
9. Не перагружаць сябе
Не варта сябе нагружаць да знясілення. Змена дзейнасці і абстаноўкі толькі дапаможа вам з новымі сіламі ўзяцца за вучобу. Не забывайцеся выходзіць на вуліцу, кантактаваць з сябрамі, чытаць кнігі. Проста займайцеся ў меру магчымасцяў, таму што дзён у навучальным годзе дастаткова.
10. Не забывацца пра метад выключэння
Максімум засяроджанасці і ніякіх старонніх думак у самой аўдыторыі. А для таго, каб лішні раз не памыліцца, можна на чарнавіку спачатку закрэсліваць дакладна няправільныя адказы, звужаючы круг, ну а затым абводзіць правільны.
Парады выпускнікам
Экзамен – гэта заўсёды выпрабаванне, якому павінна папярэднічаць сур’ёзная, грунтоўная падрыхтоўка.
Па беларускай мове за курс сярэдняй школы вучні здаюць пераказ тэксту. Падрыхтоўка павінна пачынацца загадзя, бо трэба не толькі паўтарыць правілы арфаграфіі і пунктуацыі, але і навучыцца працаваць з тэкстамі.
Большасць вучняў памылкова лічыць, што галоўнае – перадаць тэкст як мага бліжэй да арыгіналу. Між тым зусім не трэба імкнуцца пераказаць тэкст “слова ў слова”, важна “выявіць галоўную думку (ідэю) твора ці ўрыўка, раскрыць яе праз перадачу зместу ў пэўнай паслядоўнасці , захоўваючы моўныя і стылёвыя сродкі ў адпаведнасці з ідэйна-мастацкай задачай зместу”. Такі падыход дазваляе вучням выявіць свае творчыя магчымасці, а галоўнае – пазбегнуць цяжкасцей у напісанні. Так, амаль заўсёды можна замяніць сінонімам ці блізказначным слова, у напісанні якога вы сумняваецеся. Можна нават прапусціць слова, словазлучэнне, пэўную сінтаксічную канструкцыю, калі не памятаеце дакладна, як афармляць яе на пісьме (зразумела, такі пропуск магчымы толькі тады, калі ён не разбурае сказ, не робіць выказванне незразумелым). Можна змяніць парадак слоў у сказе, “падагнаць” яго пад правіла, якое вы ведаеце дакладна. Нарэшце, можна перабудаваць сказ (напрыклад, складаны бяззлучнікавы ў складаназлучаны ці складаназалежны, простую мову замяніць ускоснай, з аднаго складанага сказа зрабіць некалькі простых і г.д.). Словам, галоўная задача – знайсці аптымальны варыянт перадачы зместу тэксту і лепшага яго афармлення. Гэта задача пад сілу падрыхтаваным да такога віду творчай працы, як пераказ.
Пры самастойнай падрыхтоўцы можна параіць дапаможнік, складзены С.І. Цыбульскай. Структура яго адпавядае зместу школьнай праграмы па беларускай мове. Аднак некаторыя пытанні разглядаюцца больш падрабязна, іншыя толькі агаворваюцца, нагадваюцца. Такі падыход да выкладання матэрыялу – вынік шматгадовых назіранняў і аналізу работ абітурыентаў розных навучальных устаноў г. Мінска. Таму ў адным параграфе вы знойдзеце тлумачэнні, парады, разважанні, у другім – схемы і табліцы, у трэцім – “сухія” правілы.
Задача вучняў – прааналізаваць тэарэтычны матэрыял. разабрацца ў ім, зразумець, што трэба завучваць (напісанні, правілы пастаноўкі знакаў прыпынку, асаблівасці беларускага сінтаксісу), а што – асэнсаваць.
Падрыхтоўка да экзамену ў форме пераказу мае сваю спецыфіку. Такі від работы, як дыктант, патрабуе пэўнага ўзроўню развіцця слыхавай (маторнай) памяці; рыхтуючыся да тэсту. неабходна развіваць найперш памяць зрокавую. Якаснае напісанне пераказу патрабуе даволі высокага развіцця абодвух відаў памяці. Таму заданні, змешчаныя ў дапаможніку, арыентаваны на развіццё і слыхавай, і зрокавай памяці.
Разам з тым многія практыкаванні арыентаваны на развіццё і ўдасканаленне камунікатыўных навыкаў (уменняў дакладна ўжываць словы, захоўваць іх лексічную спалучальнасць, будаваць словазлучэнні і сказы, пераказваць тэкст з захаваннем пэўных стылёвых асаблівасцяў).
Абавязкова выконвайце ўсе практыкаванні – гэта дапаможа вам замацаваць веды па тэорыі, выпрацаваць уменне карыстацца правіламі на практыцы.
Кожны раздзел дапаможніка змяшчае заданне напісаць пераказ тэксту. Гэтыя тэксты, як правіла, меншыя за тыя, што даюцца на экзаменах, аднак не варта пачынаць адразу з вялікіх: справіцца з імі можна толькі пасля пэўнай падрыхтоўкі. Пасля таго як пераказ напісаны яго неабходна праверыць , вярнуцца да тэксту, прааналізаваць найбольш цяжкія напісанні, растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку, адзначыць магчымую пунктуацыйную варыянтнасць. Для таго каб веды былі больш трывалымі, а ўменні дасканалымі, пасля кожнага практычнага задання неабходна выканаць работу над памылкамі. Гэта найбольш дзейсная прафілактыка памылак: прааналізаваць моўную з’яву, успомніць адпаведнае правіла, самастойна падабраць прыклады на гэта правіла – словам, асэнсаваць, чаго раней не ведаў і на што трэба яшчэ раз звярнуць увагу.
Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны “Зборнік экзаменацыйных матэрыялаў па беларускай мове за курс сярэдняй школы (тэксты для пераказу), які варта мець кожнаму, хто рыхтуецца здаваць экзамен у форме пераказу ў школе.
Бясспрэчна, лепш рыхтавацца да экзамену пад кіраўніцтвам спецыяліста – настаўніка, выкладчыка падрыхтоўчых курсаў, рэпетытара. Але, калі гэта немагчыма, не трэба адчайвацца: дапаможнік якраз разлічаны на самастойную працу абітурыентаў, у ім ёсць раздзел “Адказы да практыкаванняў”, які дапаможа вам праверыць сябе.
Усе пытанні, якія ўзнікаюць пры працы з тэарэтычным матэрыялам, практыкаваннямі, тэкстамі, абавязкова трэба занатаваць (можна адвесці для гэтага некалькі старонак у рабочым сшытку), каб потым задаць іх на кансультацыі, якая звычайна праводзіцца напярэдадні экзамену.
Неабходна нагадаць правілы напісання пераказу.
- Пры першым чытанні слухайце тэкст уважліва. Звярніце ўвагу, які тып маўлення ўласцівы яму, асаблівасці якога стылю мовы вам неабходна перадаць. Сфармулюйце для сябе тэму і галоўную думку тэкста (пра што вам трэба расказаць, што апісаць, над чым паразважаць і да якога вываду прыйсці).
- Калі тэкст чытаецца другі раз, вы можаце рабіць якія-небудзь паметкі: апорныя словы і спалучэнні слоў, змест простай мовы і інш. Пры неабходнасці экзаменатар звычайна тлумачыць некаторыя словы і выразы або нават запісвае іх на дошцы (як правіла, гэта словы іншамоўнага паходжання, якія рэдка ўжываюцца, або словы з лексікі абмежаванага ўжытку: прафесіяналізмы, дыялектызмы, устарэлыя словы).
- Цяпер вам трэба пераказаць тэкст. Спачатку пішыце так, як вам запомнілася. Затым загляніце ў запісы, зробленыя падчас другога чытання, і ўнясіце патрэбныя змяненні, дапаўненні.
Прачытайце, што ў вас атрымалася; пры гэтым сачыце за тым, каб выказванне вызначалася паслядоўнасцю, лагічнасцю, каб не было сказаў, сэнс якіх цяжка або ўвогуле нельга зразумець (няправільна пабудаваны сказ, прапушчана слова, няўдалы парадак слоў і г.д.). Калі трэба, перабудоўвайце сказы, замяняйце ці перастаўце словы.
- Прачытайце тэкст яшчэ раз, звяртаючы ўвагу на тое, ці ўдала вы падзялілі яго на абзацы. Пры наступным чытанні праверце напісанне слоў і пастаноўку знакаў прыпынку. Важна асэнсаваць, для чаго патрэбны той ці іншы знак прыпынку (што ён раздзяляе ці выдзяляе) і які знак павінен стаяць у кожным канкрэтным выпадку (калі вы не ўпэўнены, лепш перабудаваць сказ такім чынам, каб знак прыпынку не выклікаў у вас пытанняў).
- Некалькі хвілін адпачніце, а потым перапісвайце работу на чыставік. Старайцеся не рабіць выпраўленняў і пісаць разборліва, думайце над кожным пераносам.
- Перачытайце тэкст яшчэ раз. Зверце чыставік з чарнавіком (ці не прапусцілі якое-небудзь слова, знак прыпынку, ці не забыліся выдзеліць абзац). Калі дазваляе час, крыху адпачніце і потым яшчэ раз прачытайце сваю работу так, як чыталі чарнавік.
Як відаць, самаправерка пісьмовай работы – справа складаная і не менш адказная, чым напісанне самой работы.
Вопыт правядзення цэнтралізаванага тэсціравання пры паступленні ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы паказаў, што гэта форма ацэньвання заваёўвае ўсё большую папулярнасць. Такая форма дазваляе аб’ектыўна ацаніць веды кожнага выпускніка, забяспечвае навучэнцам роўны доступ да атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Таму асноўным відам уступных іспытаў па асобных школьных дысцыплінах, у тым ліку і па беларускай мове, становіцца тэсціраванне.
Тэсціраванне мае на мэце праверку ступені валодання выпускнікамі школ усімі літаратурнымі нормамі беларускай мовы — арфаэпічнымі, лексічнымі, акцэнталагічнымі, граматычнымі, стылістычнымі, арфаграфічнымі і пунктуацыйнымі.
Заданні тэсту адпавядаюць наступным раздзелам курса беларускай мовы:
- Мова. Маўленне. Тэкст.
- Арфаэпія і арфаграфія.
- Лексіка і фразеалогія.
- Словаўтварэнне і арфаграфія.
- Марфалогія і арфаграфія.
- Сінтаксіс і пунктуацыя.
У тэставай рабоце правяраецца практычная пісьменнасць, культура мовы і моўная кампетэнцыя навучэнцаў, веданне граматыкі і стылістыкі беларускай мовы. Праверка ўзроўню валодання вучнямі тэарэтычнымі ведамі і набытымі практычнымі ўменнямі пры вывучэнні беларускай мовы носіць аб’ёмны і ўсебаковы характар.
Для паспяховага выканання тэставай работы вучні павінны ведаць:
- правапіс галосных;
- правапіс й, ы пасля прыставак;
- прыстаўныя гукі;
- правапіс у-ў,
- правапіс мяккага знака і апострафа;
- правапіс спалучэнняў зычных;
- правапіс вялікай літары;
- напісанне слоў асобна, разам, праз злучок;
- правапіс канчаткаў назоўнікаў;
- ужыванне роду і ліку назоўнікаў;
- ужыванне часоў дзеясловаў;
- правапіс лічэбнікаў;
- ужыванне і правапіс займеннікаў;
- правапіс прыслоўяў;
- ужыванне і правапіс дзеепрыметнікаў;
- ужыванне і правапіс дзеепрыслоўяў;
- ужыванне і правапіс не(ня), ні з рознымі часцінамі мовы;
- адасабленне даданых членаў сказа;
- пабочныя і ўстаўныя словы, зваротак;
- параўнальны зварот;
- просты і складаны сказ;
- віды складаных сказаў, знакі прыпынку ў іх;
- аднародныя члены сказа;
- спосабы перадачы чужой мовы.
У тэсце правяраюцца наступныя ўменні:
- уменне знаходзіць у слове арфаграмы;
- уменне вызначаць прамое і пераноснае значэнне слоў;
- уменне правільна ставіць націск;
- уменне вызначаць у сказе сэнсавыя часткі, якія патрабуюць выдзялення знакамі прыпынку;
- уменне бачыць парушэнні лексічных, граматычных, сінтаксічных нормаў;
- уменне вызначаць стылістычную прыналежнасць тэксту па пэўных моўных паказчыках;
- уменне аналізаваць і выкарыстоўваць адпаведныя сэнсавым адносінам сродкі сувязі сказаў у тэксце;
- уменне бачыць стылістычныя асаблівасці і выяўленча-вобразныя сродкі тэксту.
Пры арганізацыі падрыхтоўкі да тэсціравання настаўніку неабходна перш за ўсё вывучыць асаблівасці работы з тэстам, пажадана самому выканаць тэставыя заданні, пры гэтым зафіксаваць час на іх выкананне. Наступным этапам работы настаўніка павінен стаць аналіз саміх заданняў тэсту: ступень цяжкасці кожнага задання, яго суаднесенасць з пэўным раздзелам граматыкі, характар уменняў, неабходных для выканання таго ці іншага задання. Да заканчэння першага паўгоддзя неабходна правесці ў выпускных класах пробнае тэсціраванне па прапанаваным ніжэй тэсце або па тэстах, складзеных самім выкладчыкам. Праверка выкананых работ дазволіць настаўніку выявіць прабелы ў ведах выпускнікоў, вызначыць цяжкасці, з якімі яны сутыкнуліся пры выкананні работы.
3 другога паўгоддзя па ўсіх прадметах, у тым ліку і па беларускай мове, пачынаецца актыўнае паўтарэнне пройдзенага матэрыялу. Да яго пачатку пажадана аптымальна спланаваць работу па паўтарэнні з улікам навучанасці школьнікаў, патрабаванняў да ведаў і ўменняў вучняў, вызначаных школьнымі праграмамі па беларускай мове і неабходных для паспяховага выканання тэставай работы.
Настаўнік мае права ўнесці неабходныя, на яго думку, змены ў размеркаванне колькасці гадзін на вывучэнне асобных тэм, прапанаванае ў праграме па беларускай мове, вызваліўшы час на арганізацыю сістэматычнага паўтарэння.
Вельмі важна навучыць дзяцей правільна размяркоўваць час пры выкананні тэставых заданняў, умець пераключаць увагу з адной тэмы на другую, параіць выконваць тыя заданні, якія пададуцца ім больш лёгкімі, бо кожнае правільна выкананае заданне дабаўляе балы.
Вучні павінны ведаць, што на выкананне тэставай работы адводзіцца 110 хвілін, у кожным заданні можа быць 1, 2 і больш правільных адказаў, перад пачаткам работы неабходна ўважліва прачытаць фармулёўку задання.
Тэст складаецца з дзвюх частак, у якія будуць уваходзіць заданні пяці ўзроўняў складанасці. У першай частцы выкарыстоўваюцца заданні закрытага тыпу (даюцца варыянты адказаў, а вучні выбіраюць правільны адказ) і адкрытага тыпу (вучні самі запісваюць адказ).
Экзамен у любой форме — сітуацыя экстрэмальная, таму выпускнікам важна псіхалагічна падрыхтавацца да гэтага: настроіць сябе на пазітыўныя адносіны да будучых іспытаў, навучыцца канцэнтраваць увагу, кантраляваць свае эмоцыі.
Для таго каб упэўнена і паспяхова выканаць заданні тэсту, вучням карысна:
- спакойна абдумаць пытанні;
- рацыянальна выкарыстаць адведзены час: спачатку выканаць тыя заданні, якія пададуцца больш простымі, пасля — больш складаныя;
- не спяшацца з адказамі, уважліва ўчытвацца ў заданні;
- правільна і дакладна запісваць адказы ў бланк, не спяшаючыся запаўняць яго адразу; лепш гэта зрабіць пасля праверкі задання.
Паспяховасць выканання тэставых заданняў. забяспечваецца правільным падыходам да выкарыстання сваіх ведаў, уменняў, навыкаў, а таксама псіхалагічных рэсурсаў.
Апошнім часам у продажы з’явілася шмат дапаможнікаў з тэстамі па беларускай мове, аднак пры падрыхтоўцы да тэсціравання пажадана выкарыстоўваць толькі тыя, што маюць грыф Міністэрства адукацыі.
Парады бацькам па падрыхтоўцы дзяцей да экзаменаў
Экзамен у перакладзе з лацінскай мовы абазначае «выпрабаванне». І менавіта выпрабаваннямі, складанымі, часам драматычнымі, становяцца экзамены. Таму бацькі павінны дапамагчы свайму дзіцяці найбольш эфектыўна размеркаваць час і сілы пры падрыхтоўцы да іх. Пагадзіцеся, што кожны, хто здае экзамены, незалежна ад іх выніку, спасцігае самую важную ў жыцці навуку – уменне не здавацца ў цяжкай сітуацыі. Для таго, каб дзіця не хвалявалася падчас экзаменаў, задача бацькоў – дапамагчы яму паверыць ва ўласныя сілы. А гэта дасягаецца тады, калі дзіця само адчувае і бачыць свае веды па прадмеце. Таму Вам, дарагія бацькі, неабходна праводзіць падрыхтоўку да экзаменаў разам з дзецьмі. Складаныя тэмы лепш вывучаць у гадзіны ўздыму (першая палова дня з 10.00 да 12.00 і з 18.00 да 21.00), добра знаѐмыя – у гадзіны спаду (з 12.00 да 14.00 і з 16.00 да 18.00 ).
- Прачытайце спіс пытанняў да экзамену. Не саромейцеся прызнацца дзіцяці,
што ўжо не вельмі добра памятаеце большасць раздзелаў біялогіі, хіміі, матэматыкі або любога іншага прадмета, які яму неабходна падрыхтаваць. Хай
ён вам раскажа тыя ці іншыя тэмы, а вы задайце пытанні. Чым больш ён паспее
вам расказаць, тым лепш.
- Забяспечце дома зручнае месца для заняткаў, прасачыце, каб ніхто не перашкаджаў займацца.
- Сачыце за тым, каб падчас падрыхтоўкі дзіця рэгулярна рабіла кароткія перапынкі. Растлумачце яму, што адпачываць, не чакаючы стомленасці – лепшы сродак ад ператамлення. Важна, каб дзіця абыходзілася без стымулятараў (кава, моцная гарбата), бо нервовая сістэма перад экзаменамі і так на ўзводзе.
- Не павышайце трывожнасць дзіцяці напярэдадні экзаменаў – гэта можа адмоўна адбіцца на выніку: дзіцяці заўсѐды перадаецца хваляванне бацькоў.
- Падбадзёрвайце дзяцей, павышайце іх упэўненасць у сабе, бо чым больш дзіця баіцца няўдачы, тым больш верагоднасці дапушчэння памылак.
- Звярніце ўвагу на харчаванне дзіцяці: падчас інтэнсіўнага разумовага напружання яму неабходная пажыўная і разнастайная ежа, збалансаваны комплекс вітамінаў.
- Напярэдадні экзамену забяспечце дзіцяці паўнавартасны адпачынак. Ён павінен адпачыць і выспацца.